У Год малой Радзімы і ў Сусветны Дзень пчол 20 мая 2018 года (аб’яўлены ААН, адзначаецца ўпершыню)Лельчыцкі райвыканкам правеў прэзентацыю  ляснога бортніцтва ў раёне, якое з лістапада 2017 года мае статус элемента нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

У прэзентацыі прыняў удзел дырэктар Мілашавіцкага лясгаса Вячаслаў Рыгоравіч Берусь і выступіў на тэму — значэнне бортніцтва ў захаванні біялагічнай разнастайнасці лесу, ураджайнасці палёў і садоў; дапамога лясгаса бортнікам раёна ў іх працы, сучасны стан лесу.

Усяго ў раёне больш за 100 бортнікаў. Жывая традыцыя догляду пчол у лесе — не дзеля мёду, а як архаічны промысел продкаў, ад якіх засталіся вуллі-калоды ў лесе, — рэгіянальная адметнасць Лельчыцкага раёна, дзе гэтая традыцыя ніколі не перарывалася. Лельчыцкія бортнікі захоўваюць і выкарыстоўваюць зробленыя рукамі дзядоў-прадзедаў або заказанымі імі ў свой час інструментамі і прыстасаваннямі для пад’ёму на дрэвы, розным начыннем для працы па догляду і лекаванню пчол. Як і ўсе пчаляры ў свеце, яны занепакоены тым, што пчолы сталі гінуць. Сусветная супольнасць праз ААН заклікае звярнуць на гэта ўвагу, папулярызаваць і падтрымліваць дзейнасць пчаляроў, а вучоных – высвятляць прычыны гэтай з’явы і дапамагаць тым, хто займаецца высакароднай справай пчалярства і захавання пчол — самых актыўных апыляльнікаў раслін сярод насякомых. 76 працэнтаў вытворчасці прадуктаў харчавання ў Еўропе заснавана на апыленні, таму пчолы неабходныя для харчовай бяспекі.

Фото пчелы 1

Фото пчелы 2